Галоўная / Навiны / Навiны раёна
01.03.2021

Дэкада беларускай мовы і літаратуры, мастацтва і культуры ў Жыровіцкай школе

Быць беларусам, быць патрыётам – гэта, у першую чаргу, ведаць і любіць свой народ, сваю мову і сваю культуру. У лютым ва ўсіх школах Беларусі праводзіцца Дэкада беларускай мовы і літаратуры, мастацтва і культуры. Праводзіцца яна з мэтай фарміравання ў вучняў пазнавальнай цікавасці да роднай мовы, актыўнай жыццёвай пазіцыі, выхавання беражлівых адносін да слова, любові да беларускай літаратуры і культуры, развіцця творчых здольнасцей. Гэты навучальны год не стаў выключэннем. З 15 па 22 лютага не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і падчас правядзення розных акцый, пазакласных мерапрыемстваў, моўных і музыкальных хвілінак гучала беларускае слова. Дэкада пачалася з акцыі “Прывітайся па-беларуску”, калі раніцай у фае школы настаўнікаў, вучняў і бацькоў сустракалі маладыя беларус і беларусачка, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры і абменьвалі словы “добры дзень”, “добрай раніцы”, “прывітанне” на цукеркі. На працягу дзесяці дзен працавала кніжная выстава, прысвечаная творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, і выстава “Беларускія пісьменнікі – дзецям”, якія прыцягвалі ўвагу вучняў школы, а бібліятэкар, Мармыш Вольга Сяргееўна, тут жа, прымала заказы на тую ці іншую кнігу. На класных гадзінах у рамках дэкады дзецям быў прапанаваны прагляд відэафільма “Запрашаем у Беларусь” з наступным абмеркаваннем і відэафільма “Сузор’е беларускіх пісьменнікаў”, у час прагляду якога стала вядома, што творы Янкі Купалы перакладзены аж на 117 моў свету, што да Алеся Адамовіча звярталіся галівудскія прадзюсары па напісанне сцэнару, а Ніл Гілевіч дэбютаваў у друку ўсяго ў 15 гадоў і многае іншае. Лепшыя мастакі школы прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў “Я — ілюстратар”, а вучні 7-9 класаў выказалі свае адносіны да роднай Беларусі праз удзел у конкурсе насценгазет “Зямля пад белымі крыламі”. Творчымі і захапляльнымі атрымаліся і іх прэзентацыі. Адзін з дзён дэкады настаўнікі-філолагі пачалі, арганізаваўшы чэлендж #АКТУАЛЬНА#КРАПІВА. Дырэктар школы, Юхнік Таццяна Аляксандраўна, прачытала байку “Мода” і, абраўшы байку “Дыпламаваны баран”, прапанавала паўдзельнічаць вучням 8 “Б” класа. Вось так па ланцужку кожны перапынак вучні пэўнага класа чыталі гумарыстычныя вершы і байкі. Выразна,часам не, артыстычна, па страфе ці па радку, інсцэніруючы – так, як падказвала фантазія і здольнасці. Чэлендж атрымаўся! Сучасныя дзеці – актыўныя дзеці, якія з задавальненнем падхопліваюць любую цікавую ідэю. Вось і флэшмоб “Гавары са мной па-беларуску” атрымаўся мнагалюдным. Удзельнікам можна было стаць, прымацаваўшы сабе значок з назвай флэшмоба. Кожны стараўся як мага лепш і як мага правільней гаварыць па-беларуску. Усе прытрымліваліся слогана дня: “Дай адпачыць рускай! Гавары на беларускай!” Актыўна падышлі падлеткі і да стварэння агульнага флаера “Прызнайся ўлюбові роднай мове”, калі на працягу дня вучні розных класаў падыходзілі да ватмана, каб пакінуць сваё прызнанне або пачытаць напісанае. Крэатыўна і адказна рыхтавалі вучні фотаздымкі для конкурса “Сэлфі па-беларуску”, у якім самай-самай была прызнана Мальчык Анастасія, вучаніца 11 класа. На адзінай тэматычнай інфармацыйнай гадзіне “Сем прычын ведаць беларускую мову” класныя кіраўнікі, прыводзячы прылады, стараліся пераканаць сваіх вучняў у тым, што веданне беларускай мовы можа стаць бонусам у жыцці. Лепшыя знаўцы беларускай мовы з 3-11 класаў паспрабавалі свае сілы ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2021”. Пяцікласнікі і шасцікласнікі “пракачалі свой мозг ” падчас удзелу ў КВЗ (клуб вынаходлівых знаўцаў) “Любі, шануй, ведай роднае слова”. Інтэлектуальныя пытанні, творчыя заданні, якія тычыліся беларускай мовы, выклікалі цікавасць і жаданне дабіцца правільнага адказу. Старшакласнікі, члены БРСМ, прынялі ўдзел у напісанні “Адзінай дыктоўкі на прыз БРСМ”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння беларускага класіка Івана Мележа, лепшыя вынікі ў якой паказала Жылінская Лізавета, вучаніца 10 класа. Для іншых быў арганізаваны конкурс сачыненняў-эсэ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!” Апошні дзень Дэкады беларускай мовы і літаратуры, мастацтва і культуры сабраў вучняў школы, настаўнікаў, тэхработнікаў на акцыю “Чытаем (класікаў) разам”. У фае школы размяшчалася выстава кніг з творамі класікаў беларускай літаратуры, многія ўдзельнікі падыходзілі са сваімі кнігамі. На ўсіх перапынках гучалі паэтычныя радкі Караткевіча, Барадуліна, Грачанікава, Багдановіча, Коласа і іншых. Салодкі падарунак ад настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры атрымаў кожны ўдзельнік, бо чыталіся вершы старанна выразна, натхнена. Завяршылася дэкада праглядам інсцэніровак свят “Масленіца” і “Гуканне вясны”, падрыхтаваныя вучнямі 5-9 класаў. Тыдзень скончыўся, але працягваецца школьнае жыццё, і ёсць надзея, што тут, у школе, кожны дзень будзе гучаць мілагучнае беларускае слова… А настаўнікі беларускай мовы і літаратуры прыкладуць да гэтага ўсю сваю творчасць і намаганні. 
Адамчык Н.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Жыровіцкая сярэдняя школа Слонімскага раёна” 
 Источник: https://www.slonves.by/141508-2/