27.02.2024
Залацінкі роднай мовы
Штогод у нашай краіне праходзіць дэкада беларускай мовы і літаратуры, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Комплекс мерапрыемстваў, распрацаваных у рамках дэкады ў сярэдняй школе № 5, накіраваны перш за ўсё на выхаванне ў падрастаючага пакалення павагі да роднага слова. Дарэчы будзе сказаць, што беларуская мова прызнана ЮНЕСКА другой па мілагучнасці пасля італьянскай мовы. Нагадаць адметныя і цікавыя беларускія словы і выразы як вучням, так і настаўнікам-прадметнікам змаглі арганізатары акцыі “Смачныя словы”, падчас якой неабходна было перакласці прапанаваны рускі варыянт. Прызадумаліся нават дарослыя над некаторымі з іх: небольшой искусственный водоем – копанка, быть правым – мець рацыю, лечебные травы – зёлкі, летучая мышь – кажан… Пазнаёміцца з рэцэптамі прыгатавання такіх нацыянальных страў, як узвар, куцця, наліснікі, бабка, печаныя яблыкі, клёцкі, дапамагла выстава “Беларускія прысмакі”, арганізаваная пры ўваходзе ў памяшканне школьнай сталовай. Паглыбленню лінгвістычных ведаў вучняў 9 “В” класа садзейнічала этымалагічныя хвілінка “Таямніца фразеалагізма”, на працягу якой вучні знаёміліся з паходжаннем і ўжываннем такіх загадкавых выразаў, як “вомегам вылазіць”, “ахілевая пята”, “вывесці на чыстую ваду”. Узялі сабе слова на памяць “вомег”, а значыць на ўроку біялогіі змогуць прывесці сінонім да назвы “балігалоў плямісты”. Эстафету ў правядзенні дэкады перанялі вучні 6 “Б” класа, якія з задавальненнем паўдзельнічалі ў віктарыне “Залацінкі роднай мовы”. Да вытокаў роднага слова звярнуліся вучні 3 “В” класа ў аднайменнай гульні. Адправіліся ў моўнае падарожжа “Ведай родную мову” вучні 9 “Б” класа. Далучыліся да правядзення мерапрыемстваў пяцікласнікі, праходзячы этапы інтэлектуальнага спаборніцтва “Пагавары са мной на роднай мове”. Кацярына Ціханава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 5 г. Слоніма”
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки: https://www.slonves.by/zalaczinki-rodnaj-movy-2/