21.12.2020
Міколу Арочку памятаюць на Слонімшчыне
10 снежня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка – паэта, літаратуразнаўца, крытыка, празаіка і перакладчыка Міколы Арочкі (1930-2013). Днямі магілу і хату паэта ў яго роднай вёсцы Вецявічы наведалі работнікі культуры з філіялаў “Азярніцкі цэнтр народнай культуры” і “Азярніцкая сельская бібліятэка”. Яны прайшліся вуліцай Арочкаў, на кладах у Вецявічах ушанавалі памяць земляка запаленым на магіле знічом і хвілінай маўчання, пастаялі каля хаты, на якой нядаўна намаганнямі сяброў-літаратараў з’явілася мемарыяльная шыльда. У гэтай хаце ў родных Вецявічах Мікола Арочка пражыў апошнія 23 гады свайго жыцця пасля пераезду з Мінску, дзе з 1956 года і да пачатку 1990-х працаваў у рэдакцыях перыядычных выданняў сталіцы, а пасля – у акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. Мікола Арочка з’яўляецца аўтарам 14 кніг паэзіі і мноства літаратуразнаўчых артыкулаў і даследаванняў. Важнае месца ў спадчыне пісьменніка займаюць драматычныя паэмы “Курганне. Крэва” (1982) і “Судны дзень Скарыны” (1990). Творчасць Міколы Арочкі і сёння прыцягвае ўвагу ўдумлівага чытача глыбінёй філасофскага роздуму, зваротам да неўміручых тэм, пранікнёным асэнсаваннем гістарычнага мінулага Бацькаўшчыны і ўнутранага свету сучасніка. Сёлета ў Гродне ў выдавецтве “ЛітАРы” быў выдадзены зборнік вершаў паэтаў Слонімшчыны, прысвечаных роднай мове. Назву кнізе даў верш Міколы Арочкі “Душа роднай мовы”.
ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”
Крыніца: https://www.slonves.by/mikolu-arochku-pamyatayucz-na-slonimshchyne/