10.03.2020
“Гэта асаблівы гонар!” Гродзенскія школьнікі атрымалі свой першы пашпарт з рук Прэзідэнта
Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Напярэдадні Дня Канстытуцыі Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай абстаноўцы ў Палацы Незалежнасці ўручыў пашпарты юным грамадзянам Беларусі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 25 школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны, якія ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, творчасці, спорце. Сярод іх былі хлопцы і дзяўчаты з нашай вобласці. Усе чацвёра падзяліліся сваімі ўражаннямі і “дарослымі” марамі, расказалі, што значыць для іх любіць сваю краіну і быць для яе карыснымі.
Вікторыя Шляхтун, вучаніца СШ №3 г. Астраўца, неаднаразовы прызёр раённых, абласных і міжнародных мастацкіх конкурсаў, актыўная ўдзельніца школьнага і раённага вучнеўскага самакіравання, прызёр конкурса “Лідар года” і міжнароднага конкурса па матэматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр-2019”: – Было вельмі прыемна і нечакана дазнацца, што атрымаю пашпарт з рук самаго Прэзідэнта. Стаяць побач з Кіраўніком дзяржавы – хвалюючае пачуццё. Такая падзея, дарэчы, матывуе. Хочацца стаць дастойным грамадзянінам сваёй краіны, карысным для грамадства чалавекам, які будзе захоўваць сваю культуру, незалежнасць, родную мову. Аб тым, як гэта важна, заўсёды кажуць нам бацькі і настаўнікі. Звычайна ў нас у школе праходзяць конкурсы і выставы малюнкаў, прысвечаныя Дню Канстытуцыі, і я з задавальненнем прымаю ў іх удзел. На адной з апошніх сваіх работ намалявала лес і магутнага зубра. Гэтыя вобразы асацыююцца ў мяне з Беларуссю, такой жа моцнай і прыгожай краінай. Віялета Загорская, вучаніца гімназіі №1 г. Ашмяны, выдатніца, неаднаразовы прызёр раённых алімпіяд па англійскай мове, раённых конкурсаў, актыўная ўдзельніца валанцёрскага руху: – Калі бацькі даведаліся, што я – адна з тых, хто паедзе ў Мінск, каб атрымаць свой першы пашпарт з рук Прэзідента, вельмі ўзрадаваліся. А я да апошняга моманту не магла паверыць, што гэта адбываецца са мной. Цяпер адчуваю сябе яшчэ больш дарослай і адказнай, у тым ліку за будучыню сваёй краіны, якую вельмі люблю. Гэта мая Радзіма: здаецца, маленькая дзяржава, але з такой багатай гісторыяй. Кожны грамадзянін павінен паважаць законы сваёй краіны і правы людзей, якія знаходзяцца побач. У Дзень Канстытуцыі варта аб гэтым яшчэ раз успомніць. Вывучаю англійскую мову, бо ёсць шмат цікавых і перспектыўных прафесій, дзе ёю неабходна карыстацца на высокім узроўні. Упэўнена, што валоданне замежнай мовай дапаможа зрабіць шмат карысных рэчаў для развіцця нашага грамадства. Ягор Саванец, вучань гімназіі №1 г. Ашмяны, пераможца раённых алімпіяд па хіміі і біялогіі, у мінулым годзе па гэтых жа прадметах атрымаў дыпломы І ступені 2-ога этапа рэспубліканскай алімпіяды, актыўны ўдзельнік валанцёрскага руху: – Рыхтаваўся да гэтай падзеі вельмі сур’ёзна: супакойваў, падбадзёрваў сябе, бо не хацелася, каб хваляванне сапсавала такі ўрачысты момант. У першы дзень нас запрасілі ў Нацыянальны гістарычны музей. Я лічу сябе патрыётам, а кожны патрыёт абавязаны добра ведаць гісторыю сваёй краіны, таму для меня такая экскурсія была сапраўдным падарункам да свята. У будучыні мару стаць урачом, каб не толькі лячыць, але і дапамагаць людзям захоўваць сваё здароўе. Хочацца, каб беларуская нацыя заўсёды заставалася моцнай. Кацярына Кавалеўская, вучаніца СШ №5 Слоніма, неаднаразовы дыпламант раённых, абласных і рэспубліканскіх музычных конкурсаў, актыўная ўдзельніца спаборніцтваў па шахматах і школьнага вучнёўскага клуба “Лідар”: – Дзень Канстытуцыі для меня насамрэч сур’ёзнае свята. Гэта повад успомніць гісторыю сваёй краіны і той шлях, які прайшлі нашыя продкі, каб яна была свабоднай і незалежнай. Атрымаць свой першы пашпарт напярэдадні свята ў такой асабліва урачыстай абстаноўцы – гэта гонар. У вольны час я спрабую пісаць вершы. Адзін з іх пра людзей, працавітых, добрых і шчырых беларусаў, пра прыгажосць і мілагучнасць роднай мовы. Я сапраўды ганаруся нашымі вядомымі і таленавітымі пісьменнікамі, навукоўцамі, спартсменамі – усімі, хто многага дасягнуў, змог праславіць Беларусь у свеце. Гэта прыклад для мяне: берагчы тое, што маеш, і адначасова імкнуцца да новых вяршынь. Ганна Радзюк «ГП»
Читать далее на Слонімскі веснік: “Гэта асаблівы гонар!” Гродзенскія школьнікі атрымалі свой першы пашпарт з рук Прэзідэнта http://www.slonves.by/?p=117627