06.12.2023
Археалагічная спадчына Слонімшчыны
Па колькасці археалагічных помнікаў Слонімскі раён з’яўляецца адным з найбагацейшых у Гродзенскай вобласці. Гэта звязана з тым, што яшчэ ў канцы ХІХ ст. пачаліся археалагічныя раскопкі. Сярод даследчыкаў слонімскага края такія вядомыя імёны , як Зігмунт Глогер 1882, Еўстафій Міхайлоўскі 1893, Георгій Пех 1959, Васіль Супрун 1966, Міхась Чарняўскі 1979.
І гэта толькі невялікая частка даследчыкаў Слонімшчыны. Яшчэ напрыканцы ХІХ ст. у межах сучаснага Слонімскага раёна былі выяўлены помнікі пахаванняў пруса-яцвяжскага насельніцтва – каменныя курганы і каменныя магілы. Каменныя курганы (V – XIII стст.) знойдзены каля вёсак Нагуевічы, Клепачы, Збочна, Нагуевічы, Паўловічы, Васілевічы, Ягнешчыцы, Сакалова, Бердавічы. Адным з першых напрыканцы ХІХ стагодзя іх пачаў вывучаць святар Сынкавіцкай царквы Ястафій Міхайлоўскі.
Непадалёк ад вёскі Збочна знаходзіцца старажытнае гарадзішча. Каля яго Міхайлоўскі знайшоў 5 курганаў. Адзін з гэтых курганаў, абкладзеных камнямі, ён раскапаў. У цэнтры яго, на глыбіні аднаго метра ляжалі галавой на захад два шкілета. Збоку шкілетаў ляжалі два тачылы. На польцы аднаго з іх знаходзіўся пярсцёнак у выглядзе змейкі. Вакол шкілетаў ляжала парахня ад трун. Але ж з-за забабонаў мясцовых жыхароў курган поўнасці ён не раскапаў. Таксама ён раскапаў адзін з курганаў каля вёскі Паўловічы.
У гэтым кургане на глыбіні трохі болей за метр знаходзіўся толькі попел. У міжваенны час правядзеннем археалагічных раскопак на слонімшчыне займаўся Генрых Мілачэўскі і Іосіф Стаброўскі. Вярнуўшыся пасля Першай Сусветнай вайны Стаброўскі І.І. працягнуў археалагічнае даследаванне роднага краю. У раёне ўласнага маёнтка “Арловічы” ён сутыкнуўся з праблемай разбурэння кургана на вясковых могілках. Таму 27 красавіка 1927 года Стаброўскі накіраваў ліст у Навагрудскае ваяводскае ўпраўленне аховы прыроды з прапановай узяць пад ахову тэрыторыю кургана ў Орловічах і перанесці сучасныя могілкі на месца, якія Стаброўскі вылучыў са сваіх уладанняў. У выніку ў Орлавічах было знойдзена каля 50 курганоў, размешчаных на плошчы каля аднаго гектара. Трое з іх былі агледжаны 27-28 траўня 1927 гады. Таксама ён праводзіў археалагічныя даследаванні каля іншых вёсак Слонімскага раёна, такіх як – Азярніца, Талькаўшчына, Камлевічы і інш. Такім чынам у Слонімскім краязнаўчым музеі, адкрытым у 1929 годзе, ёсць значная колькасць экспанатаў знойдзеных Стаброўскім І.І. на слонімскай зямлі пры правядзенні археалагічных раскопак. Наступны этап археалагічных даследванняў пачынаецца на Слонімшчыне пасля вайны. У 1946 г. дырэктарам Ваўкавыскага музея Георгіем Іосіфавічам Пехам на ўзгорку ў старой часткі горада, якая называецца “Замчышча” былі знойдзены прадметы 12 стагоддзя (шкляны бранзалет і аскепкі посуду). Зыходзячы з гэтых находак у 1953 годзе ён на тэрыторыі Замчышча залажыў разведачны шурф памерам 2 х 4,2 м. У гэтым месцы быў знойдзены магутны культурны слой з прадметамі ХІІ – ХVІІ стст. Гэта стала стымулам для далейшых археалагічных раскопак. У 1959 годзе Г.І. Пех заклаў раскоп пляцам 64 м2. На гэтым месцы, пад рэшткамі падмуркаў палацаў і замкаў знаходзілася гандлёва-рамеснае паселішча, якое ўзнікла ў 11 стагоддзі. Была знойдзена вялікая колькасць прадметаў розных перыядаў.
Прычым, культурны пласт захаваў не толькі неарганічныя, але і арганічныя рэчывы – вырабы са скуры, дрэва, косці, насенне, кавалак тканіны. Далейшыя даследванні ў гэтым месцы прадоўжыў у 1968 годзе Звяруга Яраслаў Генрыхавіч. Пласт ХІ стагодзя меў рэшткі жылля, кляцей. Таксама захаваліся рэшткі выкладзенай драўлянымі жэрдкамі вуліцы. У пазнейшых пластах XVI – XVIII стст. былі таксама знойдзены прадметы жыццядзейнасці людзей – абломкі кафлі, цэглы, металічныя вырабы. Даследванні, якія былі праведзены ў 1983 годзе пад кіраўніцтвам Ніны Іванаўны Здановіч і Аляксандра Канстанцінавіча Краўцэвіча, ставілі мэтай выявіць адкуль пачалося ўтварэнне і рост горада. На левабярэжжы Шчары было закладзена каля 10 шурфоў. Найбольш вялікі культурны пласт знаходзіўся у раёне краязнаўчага музея. У наш час археолагі працягваюць вывучэнне розных помнікаў археалогіі і архітэктуры.
У першую чаргу тых, якім пагражае разбурэнне ці знікненне ў выніку гаспадарчай дзейнасці людзей. У 2023 годзе дзевяты сезон запар дзіцячы турысцка-краязнаўчы лагер “Юны археолаг” праводзіць археалагічныя даследаванні на Слонімшчыне. Гэта сумесны праект Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ўпраўлення адукацыі Слонімскага раённага выканаўчага камітэта. Дырэктар дзіцячага лагера Ірына Яўгенаўна Радзецкая змагла зацікавіць школьнікаў і падключыць да работы актыўных маладых вучоных НАН Беларусі.
У гэтым годзе юныя даследчыкі і іх настаўнікі праводзілі археалагічныя раскопкі на селішчы «Малышэвічы-1» на беразе ракі Ісы, на тэрыторыі Дзераўноўскага сельсавета. Раскопкі яшчэ ў 1983 годзе ў розных частках горада паказалі, што культурныя пласты сярэднявечча знаходзяцца ў даволі добрым стане. Асаблівасці слонімскай зямлі захоўваць арганічныя рэчывы абяцаюць у будучыні даследчыкам багаты матэрыял па матэрыяльнай культуры Слоніма.
Навуковы супрацоўнік УК “Слонімскі краязнаўчы музей ім. І.І. Стаброўскага” Бурсевіч Сяргей Якаўлевіч.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки: https://www.slonves.by/arhealagichnaya-spadchyna-slonimshchyny/