На Слонімшчыне адбылося раённае свята “Зажынкі”
17.07.2024
У чацвер, 16 ліпеня, на збожжавым полі КСУП “Імя Суворава” сабраліся кіраўніцтва раёна, кіраўнікі сельгаспадарак Слонімшчыны, камбайнеры гаспадаркі, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці і госці. Тут прайшлі “Зажынкі”, доўгачаканая і хвалюючая пара – жніво, якое ў народзе называюць вянцом хлебаробскай працы. На свяце было адзначана, што пачынаць добрую справу трэба з Божым блаславеннем, бо карміць людзей хлебам – гэта Божая справа. Таму протаіерэй Генадзь Логін асвяціў ніўку. Згодна з традыцыямі, жнейкі, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, пад прыгожыя беларускія песні спрытна зжалі першыя каласы, склалі іх у снапы. Потым яны ўручылі снапы старшыні КСУП “Імя Суворава” Юрыю Казіміравічу Кулеша, старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзю Баляслававічу Хомічу, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталю Мар’янавічу Юроўскаму, старшыні раённага Савета дэпутатаў Алегу Мечаслававічу Таргонскаму. Старшыні КСУП “Імя Суворава” і начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі павязалі «зажыначныя паясы» – на будучы багаты каравай. Хлебаробам уручылі снапочкі-абярэгі, упрыгожаныя жытнёвымі каласамі, якія з’яўляюцца сімвалам багацця і прыгажосці роднай зямлі. Усіх прысутных пачаставалі караваем. Падчас мерапрыемства адбылося ўрачыстае віншаванне сям’і Гаўрылюк. Яны на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” заваявалі другое месца. Дыплом і падарунак ім уручыла першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА БРСМ Ганна Сарасек. Артысты народнага ансамблю “Славяначка” падарылі ўдзельнікам мерапрыемства шмат добрых песен.
Таццяна ДЗЕНІСЮК
Читать далее на Слонімскі веснік: На Слонімшчыне адбылося раённае свята “Зажынкі” https://www.slonves.by/?p=124433