Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Дэпутат працуе ў выбарчай акрузе

27.10.2024
21 кастрычніка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхайлавіч Семяняка правёў асабісты прыём грамадзян і «прамую тэлефонную лінію» ў Слонімскім райвыканкаме.На прыём да дэпутата запісалася восем слонімцаў, якія хацелі атрымаць адказы наконт работы ЖКГ, распрацоўкі ўдакладненняў у новую Канстытуцыю краіны, а таксама па асабістых пытаннях. Адна з набалелых тэм – рамонт кардыёграфа на ФАПе ў аграгарадку Вялікія Шылавічы. Па словах патэлефанаваўшай жыхаркі сельскага населенага пункта, кардыёграф на ФАПе выйшаў са строю амаль 8 гадоў таму, яго забралі ў рамонт і да гэтага часу не вярнулі. Валянцін Міхайлавіч паабяцаў разгледзець гэтае пытанне і звярнуцца да кіраўніцтва раённай бальніцы і абласнога камітэта па ахове здароўя з прапановай выдзеліць дадатковыя сродкі на новы кардыёграф для ФАПа. Падчас размовы з журналістамі дэпутат падзяліўся планамі па рабоце ў сваёй выбарчай акрузе. – У сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй па каранавірусу, – распавёў Валянцін Міхайлавіч, – сустрэчы з выбаршчыкамі ў калектывах і сельскіх населеных пунктах не планую. І ў Слонімскім, і ў Зельвенскім раёнах прыняты меры па мінімізацыі наступстваў захворвання. Тым не менш, буду працаваць у акрузе, каб вырашыць некаторыя пытанні як рэгіянальнага, так і агульнадзяржаўнага плана. У прыватнасці, запланаваны прыёмы грамадзян і «прамыя тэлефонныя лініі». Таксама ў межах абмеркавання змяненняў, якія плануюцца ў асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, у мяне запланаваны дзве сустрэчы з кіраўнікамі грамадскіх арганізацый, дзе будуць разгледжаны тыя прапановы, якія ёсць тут на месцы. Працягваю сустрэчы з ініцыятыўнымі групамі па мерах актывізацыі праектнай дзейнасці. 20 кастрычніка адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ініцыятыўнай групы Зельвенскага раёна, дзе мы абмеркавалі пагадненне аб стварэнні партнёрскага альянсу пяці раёнаў Гродзенскай вобласці па ўстойліваму развіццю. Работа па стварэнню гэтага альянсу вядзецца на працягу паўгода. Такое аб’яднанне ёсць у Магілёўскай вобласці, ствараецца ў Гомельскай. Таму я выйшаў з ініцыятывай стварэння такога аб’яднання пяці раёнаў – Слонімскага, Ваўкавыскага, Зельвенскага, Свіслацкага і Шчучынскага – для сумеснай падрыхтоўкі праектаў, сумеснага развіцця гэтых раёнаў. Гэта ўсё робіцца са згоды Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і пры падтрымцы Федэратыўнага ўрада Германіі ў рамках праграмы падтрымкі Рэспублікі Беларусь.Камісія дэпутатаў Парламента і ў тым ліку Валянцін Міхайлавіч Семяняка мае непасрэднае дачыненне да распрацоўкі паправак у новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Аб тым, як вядзецца работа ў гэтым напрамку дэпутат таксама расказаў слонімскім журналістам. – Пакуль нельга рабіць нейкія агляды гэтай работы. Па-першае, працэс яшчэ ідзе. А па-другое, наша камісія ўвесь паток прапаноў проста кампануе па тэматыцы, для таго каб потым разглядаць іх больш дэталёва. Каля 30% усіх зваротаў наогул не датычаць Канстытуцыі. Людзі проста ўносяць прапановы па нейкіх, на іх погляд, актуальных пытаннях жыцця. Гэта датычыцца пенсійнага заканадаўства, ці пытання прызначэння кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, ці арганізацыі пасажырскіх перавозак. Тым не менш, мы іх таксама прымаем і накіроўваем у профільныя камісіі, каб яны маглі іх потым улічыць у сваёй заканадаўчай дзейнасці. Ёсць група зваротаў ад грамадзян, якія ўвогуле патрабуюць спыніць абмеркаванне змяненняў. І нарэшце, самая вялікая частка зваротаў, дзе сапраўды ёсць прапановы па Канстытуцыі. Я бы вылучыў сярод іх прапановы, якія сведчаць аб тым, што людзі добра ведаюць асноўны Закон нашай дзяржавы і пастараліся разабрацца ў тым, якія змяненні трэба ў яго ўнесці. У прыватнасці, ёсць цікавыя і змястоўныя прапановы вучоных-юрыстаў, якія хочуць далучыцца да гэтай работы і дакладна пішуць, у які артыкул трэба ўнесці змяненні і чым гэта можа быць абгрунтавана. Калі прапановы скампанаваць па групах, то вылучацца тры. Першая – тэрмін знаходжання і паўнамоцтваў Прэзідэнта і Парламента, а таксама пераразмеркаванне абавязкаў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам. Другая група закранае тэму дзяржаўнай сімволікі, яе выкарыстання. Трэцяя група прапаноў датычыць мясцовых уладаў: выбары старшынь сельскіх выканкамаў, раённых выканаўчых камітэтаў і нават губернатараў. У гэтым напрамку большую актыўнасць выказваюць палітычныя партыі, якія рыхтуюць свае прапановы па ўдзелу партый у палітычным жыцці нашай краіны.Аднак ёсць не толькі цікавыя прапановы, але і гумарыстычныя: як увесці мнагажонства; перанесці сталіцу рэспублікі з Мінску ў Магілёў; правяраць старшынь выбарчых камісій пасля выбараў на дэтэктары хлусні. 
Алена ЛЫНЬКО 
СВ
© Слонимский районный исполнительный комитет, 2024.