Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
01.11.2021

У Азярніцы прайшло свята пад назвай “Радзімы кут, дзе маю гонар жыць”

30 кастрычніка на прыбібліятэчнай пляцоўцы ў аграгарадку Азярніца адбылося цікавае свята пад назвай “Радзімы кут, дзе маю гонар жыць”. Кожны куток Слонімшчыны мае сваю ўнікальную, дзівосную і цікавую гісторыю! Слаўныя старонкі мінулага дазваляюць зразумець шлях, якім ішлі нашы продкі, пераасэнсаваць існуючы вопыт, а яшчэ дапамагаюць больш даведацца і палюбіць свой край! Мерапрыемства адкрыла яскравая “Прывітальная” у выкананні народнага вакальнага ансамбля “Славяначка”. На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: старшыня Азярніцкага сельскага выканаўчага камітэта Г.І. Пяцько, начальнік аддзела культуры Слонімскага раённага выканаўчага камітэта Г.В. Данільчык і каардынатар праекта “Вяртанне да вытокаў” А.Л. Завадскій, якія выказалі словы ўдзячнасці жыхарам аграгарадка за іх грамадскую актыўнасць, і падкрыслілі, што родная вёска – гэта тое ядро, тая аснова, з якой пачынаецца вялікае жыццё. 
Азярніца мае старажытную гераічную гісторыю і цікавыя народныя традыцыі. У гэтым кутку Слонімшчыны ёсць свае гісторыка-культурныя аб’екты: храмы, старажытныя курганы і гарадзішчы, рэкі і азёры. Вядучая святочнай праграмы Кацярына Чыгрын адзначыла, што вельмі значна, што менавіта ў Год народнага адзінства, дзякуючы праекту “Вяртанне да вытокаў”, які рэалізаваны Еўрапейскай асацыяцыяй Мясцовай Дымакратыі ALDA сумесна з аддзелам культуры Слонімскага раённага выканаўчага камітэта, у жыхароў аграгарадка Азярніца з’явіліся дадатковыя магчымасці для вывучэння і папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны малой Радзімы. На свяце адбылося адкрыццё этнаграфічнай экспазіцыі “Спадчына Азярніцы”. Працавала выстаўка народных промыслаў. Вяскоўцам спадабалася выступленне творчых калектываў Слонімшчыны. Мерапрыемства было арганізавана пры актыўным удзеле работнікаў Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку.
 Ігар ПРАКОФ’ЕЎ.