Галоўная / Навiны / Навiны рэгiёна
07.09.2020

Наша гісторыя і культура – гэта наш гонар

Калі я была малой дзяўчынкай, мая матуля, хоць і была ўвесь час занятая то на працы, то хатнімі справамі, то дапамагала па гаспадарцы сваім бацькам, заўсёды знаходзіла час, каб пачытаць нам з сястрой беларускія народныя казкі. Мы раслі на казках на роднай і пявучай мове, з захапленнем слухалі пра Сцёпку, які перахітрыў пана, пра мудрую дачку, Піліпку-сынка і Жар-птушку. Чакалі вечара, каб ізноў вярнуцца ў цудоўную краіну народнай мудрасці і казачных герояў, з уласцівымі ім смеласцю і знаходлівасцю, гумарам і дабрынёй. Бо ў казках дабро заўжды перамагае зло, смелы герой здабывае сваё шчасце, прыгнечанага чалавека заўсёды вызвалае магутны асілак, а страшны Цмок заўсёды застаецца без сваіх дванаццаці галоў. Падчас навучання ў школе беларуская мова загучала для нас па-новаму, галасамі Купалы, Коласа, Цёткі, Крапівы, Чорнага, Караткевіча і многіх іншых паэтаў і пісьменнікаў. Знакамітыя беларускія песняры праз свае творы адкрылі для нас багацце і прыгажосць мовы, яе глыбіню і трапнасць, мілагучнасць і магутную сілу слова, увасобленыя ў яскравыя вобразы герояў і простых людзей, мужчын і жанчын, дзяцей і падлеткаў, вобразы беларускай зямлі і тых падзей, якія адбыліся ў розныя часы і эпохі ў нашай краіне. Мы змаглі ахапіць неверагодны пласт гісторыі Беларусі, амаль убачыць сваімі вачыма, якія намаганні прыйшлося прыкласці нашаму народу, каб «людзьмі звацца», стаць самастойнымі і незалежнымі. Нарэшце з гордасцю сказаць: што мы – беларусы. Неабходна адзначыць, што падчас станаўлення незалежнасці нашай краіны шмат намаганняў было прыкладзена для развіцця беларускай культуры, мовы, самабытнасці. Адным з яскравых прыкладаў стала арганізацыя і правядзенне Дня беларускага пісьменства – святочнага мерапрыемства, удзел у якім прымаюць калектывы народнай творчасці, пісьменнікі, паэты і мастакі. Упершыню свята прайшло ў 1994 годзе ў старажытным Полацку. Канцэпцыя ўрачыстасці прадугледжвала паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. У 2019 годзе Дзень беларускага пісьменства прымаў наш Слонім – адзін з самых старажытных на беларускіх землях, старадаўні цэнтр культурнага і духоўнага жыцця. У дні свята ў Слоніме ўрачыста адкрылі помнік Льву Сапегу – дзяржаўнаму, ваеннаму і палітычнаму дзеячу, дыпламату, аднаму са стваральнікаў Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. У 1586 годзе Сапега атрымаў у кіраванне Слонім. Дзякуючы яму ў 1591 г. гораду было падцверджана магдэбургскае права. У часы канцлера Слонім ператварыўся ў развіты цэнтр рамёстваў, гандлю, палітычнага жыцця – тут нярэдка праходзілі сустрэчы дзяржаўных дзеячаў. Знакавым аб’ектам нашага горада з’яўляецца канал Агінскага, пабудаваны ў XVIII стагоддзі гарадскім старастам і гетманам ВКЛ Міхалам Казімірам Агінскім. Сёння канал адраджаецца як турыстычны аб’ект. Дзякуючы Агінскаму, які быў таксама і пісьменнікам, кампазітарам, мецэнатам, у Слоніме з’явіўся тэатр. Ён і ў нашы дні застаецца цэнтрам культурнага жыцця горада. Безумоўна, пра неабходнасць вывучэння роднай спадчыны можна гаварыць бясконца. Наша мова, наша гісторыя і культура – гэта наш гонар. Спрадвеку людзі суадносяць сябе са сваёй зямлёй, краінай, горадам ці вёскай. Захоўваючы і перадаючы наступным пакаленням сваю культуру, мы захоўваем і сябе, сваю прыналежнасць да беларускага народа, да Беларусі. Алена ЛЫНЬКО 
СВ