Главная / Новости / Новости района
30.09.2020

Уславілі беларускі скарб

Свята бульбы, якое атрымала на Слонімшчыне трывалую прапіску, гэтым разам адбылося ў аграгарадаку Васілевічы. Тамтэйшы “Бульбяны край” быў асабліва гасцінны ў мінулую нядзелю, 27 верасня.На ўваходзе ў Васілевіцкі цэнтр народнай творчасці гасцей сустракаў агромністы кош бульбы, якому дзівіліся і ля якога адразу фатаграфаваліся. Тэматычныя дэкарацыі ў вестыбюлі, тэматычныя стэнды з літаратурай і карыснымі парадамі, разнастайныя выставы дэкартыўна-ўжытковага мастацтва ад вучняў Парэцкай базавай школы і аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры стваралі калярова-настраёвую карціну ўжо на першых кроках у свята. Да стракатай візуальнай размаітасці зараз жа дадавалася пахавая: далей у святочнай зале гасцей чакала мега-дэгустацыя самых смачных і папулярных страў з бульбы або з дабаўленнем бульбы. Дранікі, бабка, каўбаса з варанай бульбы, піражкі з бульбы і з бульбай, варэнікі, бульба тушаная і бульба смажаная, з грыбамі і з мясам, разнастайныя салаты і нават юшка, — усяго не пералічыць! “Бульбяная смаката” (так называлася выстава-дэгустацыя) уразіла багаццем смакаў і пахаў і абсалютна адпавядала зададзенай назве. Але гэта, як кажуць у народзе, толькі прыказка, а казка (у нас жа — чыстая праўда) яшчэ наперадзе.Тон святу задала прыгожая беларуская песня пра бульбу – тую самую, што, здаецца, была ў беларусаў заўсёды. Аднак не! Дзякуючы вядучым госці даведадіся пра гісторыю знаёмства нашага народа з бульбай, расказалі, як і калі яна з’явілася на беларускім стале. Колькі слоў, быццам колькі штрыхоў да “партэта” іншаземкі, і вось яна здаецца нам яшчэ бліжэйшай і раднейшай. Пра гэта і спявалі мясцовыя і запрошаныя артысты, пра гэта гаварылі, гэта смакавалі… Гасцей свята радавалі вакальны гурт “Звездная радуга”, вакальна-інструментальны ансамбль “Чачоты”, дзіцячы вакальна-інструментальны ансамбль “Чабарок” і народны ансамбль песні “Жывіца” філіяла “Васілевіцкі цэнтр народнай творчасці”. Шматлікія новыя, але ўжо выдатна адрэпетаваныя нумары, любімыя знаёмыя песні, імпэт і жаданне несці прыгажосць і радасць зрабілі сваё: кожны нумар васілевіцкіх артыстаў гледачы сустракалі на ўра. Цікавая гульнёвая праграма павесяліла гледачоў, і ў выніку многія атрымалі салодкія заахвочванні. Але на гэтым арганізатары не спыніліся радаваць аднавяскоўцаў: яны падрыхтавалі для іх прыемны сюрпрыз у выглядзе канцэрта запрошаных вакалістаў з філіяла “Жыровіцкі цэнтр культуры”. Пасля гучнага і яркага канцэрта вяскоўцы працягнулі ласавацца бульбяной смакатой, а скончыўся вечар традыцыйнай святочнай дыскатэкай. ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў” 
СВ