Выкрадальнікам туй пагражае штраф або арышт
22.10.2024
Мабыць ў Слоніме нячыстыя на руку грамадзяне сталі звяртаць увагу не толькі на тое, што дрэнна ляжыць, але і на тое, што добра пасаджана. Каля сярэдняй школы № 8 невядомыя выкапалі тры туі.- Дзеці, бацькі, педагагічны калектыў клапоцяцца пра прыгажосць школы, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. Усе зялёныя насаджэнні высаджваюцца з асаблівай любоўю і цеплынёй. Здзіўляюць такія паводзіны сланімчан, - не хаваюць свайго здзіўлення ў школе.
Гэта не першая «здабыча» зламыснікаў: за невялікі прамежак часу было выкрадзена дзесяць саджанцаў. Кошт кожнага - 11 беларускіх рублёў. Справа тут нават не ў матэрыяльнай шкодзе, крыўдна, што людзі з поўнай абыякавасцю ставяцца да чужой працы.
Але ў гэты раз камеры відэаназірання ўсе зафіксавалі, нягледзячы на цёмны час сутак. Пра здарэнне ўжо паведамілі ў міліцыю. Праваахоўнікі займаюцца пошукам правапарушальнікаў.
Таксама адміністрацыя школы просіць паведаміць, калі хтосьці бачыў ці ведае аб дадзеным факце вандалізму па тэлефоне 2-26-35.
Варта нагадаць, што крадзеж туй - гэта злачынства, за якое давядзецца адказваць перад законам. Правапарушальнік панясе адказнасць: штраф або адміністрацыйны арышт.
СВ