Да Міжнароднага дня роднай мовы
21.02.2024
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, які быў заснаваны ў лістападзе 1999 года рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. З мэтай папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства ва ўсіх установах адукацыі і культуры будуць праведзены разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. У межах дэкады беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Слонімскага раёна для вучняў будзе праведзены абласны флаер-фэст “У любімай мове, роднай, наскай, Ах, якія словы…” (напісанне дыктоўкі), у якім могуць прыняць удзел педагагічныя работнікі, бацькі і іншыя прадстаўнікі грамадскасці. *** Прапануем вашай увазе сачыненне на тэму “Мудры запавет продкаў”, што напісала вучаніца 6 “А” класа СШ № 2 г. Слоніма Марыя Золатава на конкурс, які праводзіўся ў лагеры “Зубронак”. Па выніках яго юная слонімчанка заахвочана адпачынкам у лагеры. Мудры запавет продкаў Усе людзi – дзецi Божыя! Але каб зразумець гэта, некаторым не хапае цэлага жыцця. Таму чалавеку дадзены запаветы, каб ён ведаў, як патрэбна жыць. І хоць кожны з нас піша сваю ўнікальную кнігу жыцця, яна ў любым выпадку пачынаецца і заканчваецца шматлікімі пытаннямі. Нашы дзяды ваявалi за родную зямлю. Колькi крывi было праліта! Колькі людзей загінула ў гэтых баях! Таму і далі нам продкі запавет – ахоўваць сваю Радзіму, рабіць усё для таго, каб не было больш вайны. Нашы бацькі паступова раскрываюць нам многія пытанні, якія ўзнікаюць ў нас у жыцця. Яны даюць нам парады, якія з’ўляюцца запаветам для нас. Са старажытных часоў, з пакалення ў пакаленне нам, беларусам, перадаецца спадчына – родная мова, якую таксама патрэбна любіць і берагчы. Мілагучная, урачыстая, далікатная, салодкагалосая, з роду у род як найцудоўнейшы бацькоўскі запавет, родная мова перадаецца як у сем’ях у далёкіх вёсках, так і ў сучасных вялікіх беларускіх гарадах. Гэта тая рэчаіснасць, якая грунтуе і аб’ядноўвае наш народ у адзіную магутную сям’ю. Заўсёды прыемна пачуць срэбна-бліскучую беларускую мову і па радыё, і ў тэлеперадачах, і ў песнях, і ў фільмах, і ў музычных творах. Людзі размаўляюць, людзі спяваюць на роднай мове. Ад радасці і пачуцця глыбокага ўнутранага задавальнення ў грудзях б’ецца сэрца ад любых беларускіх слоў. І “трасянка” – лёгкая помесь беларускай мовы з сястрынскай рускай, украінскай, польскай, і абласныя дыялекты люба адбіваюцца ў сэрцы. Многія з беларусаў добра ведаюць, што ў пачатку існавання Вялікага Княства Літоўскага ўся дзяржаўная дакументацыя вялася на беларускай мове, аб чым сведчаць архівы ў Літве і Польшчы. Мова – гэта самы найважнейшы запавет бацькоў. Мы на ёй размаўляем адзін з другім, а можам таксама звяртацца да Творцы, які адказвае нам Сваёй бацькоускай пяшчотай і словамі Ветхага і Новага Запавету, ужо перакладзенымі на беларускую мову. Нам патрэбна берагчы і захоўваць сваю зямлю, сваю мову, свае традыцыі і веру, як самы вялікі дар і самы драгацэнны запавет продкаў. Я, вучаніца 6 класа, таксама кожны дзень, кожную хвіліну свайго жыцця намагаюся прыняць самы актыўны ўдзел у захаванні роднай мовы: стараюся пашыраць свае веды пра матчыну мову на ўроках беларускай мовы і літаратуры, у пазашкольны час, прымаю актыўны ўдзел у розных школьных мерапрыемствах, шмат чытаю на роднай мове, стараюся больш размаўляць на нашай нацыянальнай мове не толькі на ўроках, а і ў пазаўрочны час, віншую родных і блізкіх людзей з рознымі святамі на беларускай мове, вывучаю беларускія песні, святы, беларускую народную музыку. І я разумею, што неабходна данесці ўсім беларусам, што толькі мы павінны захаваць сваю мову, перадаць яе пакаленням, якія ідуць за намі. Бо калі не будзе мовы, не будзе існаваць і народ беларускі. А гэта ні ў якім разе недапушчальна! Падумайце, беларусы!
Поделиться
Читать далее на Слонімскі веснік: Да Міжнароднага дня роднай мовы http://www.slonves.by/?p=115816