Галоўная / Навiны / Навiны раёна
23.08.2021

Ён нарадзіўся здольны маляваць, кампанаваць музыку

Да юбілею С. Новіка-Пяюна Слонімшчына багата на імёны знакамітых людзей. 2021 год наогул адметны вялікай колькасцю юбілейных дат. Супрацоўнікі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа здзейснілі мультымедыйнае падарожжа “Мяне шчасьцем не парадавала доля” па жыцці і творчасці знакамітага юбіляра Слонімшчыны, беларускага паэта і празаіка Сяргея Міхайлавіча Новіка-Пяюна, 27 жніўня адзначаецца 115-годдзе з дня яго нараджэння. 
У выкананні ўдзельнікаў мерапрыемства гучалі песні і вершы аўтара – “Зорачкі”, “Слонімскі вальс” і інш. Новік-Пяюн вядомы і як песеннік. Нездарма ж да свайго прозвішча ён дадаў слова “Пяюн”. Наогул, С. Новік-Пяюн – аўтар ажно 75 мелодый, прычым адна з іх – міжнародны гімн эсперантыстаў. Бог даў С. Новіку-Пяюну складанае, але доўгае жыццё. Паэт пражыў 88 гадоў. Спазнаўшы ў жыцці столькі нясправядлівага гора, ён не зрабіўся помслівым, злосным, а застаўся добразычлівым, чулым, шчырым і ветлівым чалавекам. Яго светлае аблічча з добрымі вачыма, шчыраю ўсмешкай і мілагучным голасам сведчыць аб дабрыні яго сапраўды вялікага сэрца, зруйнаванага пакутлівым лёсам. Мы бачым чалавека высокіх маральных якасцей, патрыёта сваёй Радзімы. 
Прырода не скупілася – шчодра надзяліла Сяргея Міхайлавіча здольнасцямі паэта і апавядальніка, драматурга, а яшчэ – музыкі, кампазітара і мастака. Наш зямляк Алег Лойка так пісаў пра Новіка-Пяюна: “Ён нарадзіўся здольны маляваць, кампанаваць музыку, складаць словы ў вершы і песні, прагны слова песеннага, слова народнага…”. 
Юлія Васілеўская, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа” Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки: https://www.slonves.by/yon-naradzi%d1%9esya-zdolny-malyavacz-kampanavacz-muzyku/