26 красавіка 2010 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ № 200 "Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян». Гэтым Указам замацаваны дакладны парадак выдачы дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі даведак і іншых дакументаў. Аналагічнай міжнароднай практыкі, калі ўсе адміністрацыйныя працэдуры былі б сістэматызаваны ў адзіным прававым акце, не існуе.
Гэты ўказ - комплексны нарматыўна-прававы акт, які закліканы спрасціць парадак выдачы грамадзянам рознага роду даведак і дакументаў.
Адпаведным указам зменены парадак заканадаўчага рэгулявання вырашэння пытанняў, з якімі найбольш часта сутыкаюцца грамадзяне рэспублікі. Напрыклад, калі чалавеку трэба атрымаць нейкую даведку, ён часцяком нават не можа зразумець, што яму трэба рабіць, таму што ўсё гэта раззасяроджана па розных дакументах: закон, указ, пастанова Савета міністраў і яшчэ розныя інструкцыі міністэрстваў, выканкамаў і іншых ведамстваў.
Усе нормы па рашэнні якога-небудзь пытання з гэтага часу сканцэнтраваны ў адпаведным прававым акце, які змяшчае вычарпальны пералік дакументаў, якія грамадзяніну неабходна прад'яўляць. Вывучыўшы адзін дакумент, чалавек зможа атрымаць рэальную карціну - што яму трэба рабіць, куды ісці, якія даведкі атрымаць і колькі за гэта заплаціць. Такая сістэматызацыя заканадаўства накіравана на тое, каб рашэнне якога-небудзь пытання не аддавалася на водкуп розным ведамствам, а адбывалася комплексна.
Дакумент накіраваны на спрашчэнне, стварэнне больш даступнай і зразумелай для грамадзян працэдуры звароту ў дзяржаўныя органы за атрыманнем даведак і іншых дакументаў. Бо гэтым нарматыўным актам зацверджаны пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, якія ахопліваюць практычна ўсе сферы жыцця: жыллёвыя праваадносіны, ахову здароўя, сувязь, прыродакарыстанне, архітэктуру і будаўніцтва, працу і сацыяльную абарону, транспарт, атрыманыя даходы і выплачаныя падаткі, рэгістрацыю нерухомасці і здзелак з ёй і многія іншыя.
Указам забараняецца патрабаванне ў грамадзяніна іншых дакументаў, акрамя тых, якія прапісаны ў прававым акце. Так што цяпер, калі работнікам ЖЭСа або выканкама, напрыклад, спатрэбяцца нейкія дадатковыя даведкі, то іх яны будуць запатрабаваць самі.
Акрамя таго, новымі правіламі забаронена запытваць у чалавека дакументы, калі арганізацыя можа атрымаць іх сама, дапусцім, выпіскі з рэестраў, рэгістраў, банкаў даных, якія яна вядзе. Гэта прадугледжвае прынцып "аднаго акна".
Важна яшчэ тое, што ўказам выразна рэгламентаваны тэрмін выдачы рознага роду даведак і дакументаў. Ён не павінен перавышаць 15 дзён, а калі неабходна рабіць запыт у іншыя ведамствы або праводзіць экспертызу - месяц. Гэты тэрмін не будзе дзейнічаць толькі ў выпадку атрымання дакументаў з-за мяжы, асабліва па пытаннях пенсійнага забеспячэння і працоўнага заканадаўства.
Даведкі, якія выдаюцца дзяржорганамі, з гэтага часу сапраўдныя як мінімум на працягу шасці месяцаў. Пасведчанне альбо іншы дакумент, якія выдаюцца (прымаюцца) пры ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, лічацца бестэрміновымі, калі тэрмін дзеяння даведкі або дакумента на момант ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры не вызначаны, і іх дзеянне можа быць спынена толькі выкананнем або прызнаннем страціўшымі сілу, несапраўднымі альбо адменай.
Большасць даведак і дакументаў грамадзянам выдаецца бясплатна. Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам зніжана плата за правядзенне экспертызы архітэктурнага і будаўнічага праекта, за выдачу дублікатаў дакументаў аб атрыманай адукацыі. На 30% зменшыліся тарыфы за выдачу грамадзянам дазволаў, звязаных з эксплуатацыяй радыёчастотных і высокачастотных сродкаў. На 10% - асобныя віды збораў, звязаныя з выдачай пасведчання кіроўцы і талона да яго.
Пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі па заявах грамадзян выдадзены асобным зборнікам, накіраваны ва ўсе дзяржаўныя арганізацыі і ў вольны продаж. Ён дапаможа грамадзянам свабодна арыентавацца ў тым, у які менавіта дзяржорган варта звяртацца за атрыманнем пэўнай даведкі, якія канкрэтна дакументы трэба мець з сабой, колькі каштуе паслуга па выдачы такой даведкі і ў якія максімальныя тэрміны дзяржорган абавязаны разгледзець дадзены зварот.