Галоўная / Аб раёне / Характарыстыка раёна

Характарыстыка раёна

Слонімскі раён утвораны ў 1940 годзе першапачаткова ў складзе Баранавіцкай вобласці, а ў 1954 годзе ўвайшоў у склад Гродзенскай вобласці. Размешчаны на поўдні нашай вобласці і мяжуе на захадзе з Зэльвенскім, на поўначы - з Дзятлаўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, на ўсходзе і поўдні - з Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Пружанскім раёнамі Брэсцкай вобласці. Заходняя частка раёна размяшчаецца ў межах Слонімскага ўзвышша, паўночна-ўсходняя - на ўскрайку Навагрудскага ўзвышша, паўночная - у Нёманскай нізіне, усходняя і паўднёвая часткі - на Баранавіцкай раўніне.
Большая частка раёна знаходзіцца на вышыні 180-200 метраў над узроўнем мора. У паўночна-ўсходняй частцы найвышэйшы пункт - 223 метры.
Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна, прызначаная для глыбокай керамікі, будаўнічыя пяскі і сапрапель.
Па тэрыторыі раёна працякае рака Шчара з прытокамі рэк Грыўда, Бяроза, Іса, Зяльвянка.
Каля 35% тэрыторыі раёна займаюць лясы: хваёвыя, бярозавыя, яловыя, дубовыя.
Адміністрацыйным цэнтрам раёна з'яўляецца горад Слонім. У склад раёна ўваходзіць 147 населеных пунктаў і 10 сельскіх Саветаў. насельніцтва складае 67,1 тысяч чалавек, у тым ліку ў г.Слоніме пражывае 48,8 тысяч (на 01.01.2017).
Раён займае плошчу 1,5 тыс. кв. кіламетраў. Знаходзіцца на перакрыжаванні важнейшых аўтамабільных і чыгуначных магістраляў: Масква-Мінск-Баранавічы-Брэст, Баранавічы-Гродна, Мінск-Баранавічы-Гродна. Адлегласць ад Слоніма да горада Мінска - 203 км, да Брэста - 194 км, да Гродна - 142 км, да Масквы - 999 км.