Галоўная / Аб раёне / Гісторыка-культурная спадчына

Гісторыка-культурная спадчына

Слонім - адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. У Іпацьеўскім летапісы ён згадваецца пад 1252 г., аднак сляды селішча належаць яшчэ да XI ст. На тэрыторыі так званага "Замчышча" ці "Замка" - старажытнай часткі горада - археолагамі выяўлены сляды ўмацаванага гарадзішча, старажытнага замка і рэшткі драўлянага і больш позняга каменнага палаца. Гэтыя пабудовы змянялі адна адну на працягу XII, XIV, XVI і XVIII стст., захоўваючы пры гэтым пастаяннае месцазнаходжанне ў плане горада.
У манументальнай архітэктуры Слоніма прыкметная роля належыць культавым будынкам. Некалі яны ўваходзілі ў сістэму абароны горада, а таму размяшчэнне іх звязана з асноўнымі плошчамі і вуліцамі, пераходзячымі ў загарадныя дарогі. Гісторыка-культурная зона сучаснага Слоніма на поўначы абмежавана вул. Я.Купалы, на ўсходзе - вул. Энгельса, на поўдні ўключае былы мужчынскі бернардынскі кляштар і абмежавана вул. Банкавай і зав. Аптэчным, на захадзе ў яе ўваходзяць былая сінагога і былы жаночы бернардынскі манастыр. Архітэктурная спадчына зоны - помнікі XVII-XVIII стст., планіроўка і пэўныя будынкі якіх прадстаўляюць інтарэс.
Усяго на тэрыторыі Слонімскага раёна знаходзіцца 90 гісторыка-культурных каштоўнасцяў, унесеных у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, з іх 36 помнікаў архітэктуры, 15 помнікаў гісторыі, 39 помнікаў археалогіі.