Галоўная / Аб раёне / Гісторыя

Гісторыя

Па археалагічных дадзеных у цэнтры сучаснага Слоніма ўжо ў першай палове XI стагоддзя было ўмацаванае паселішча. На старонках гістарычных крыніц назва горада ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісы пад 1252 годам як УСЛОН (Васлонім) (ад усходне-славянскага «Услон», што азначае заслон, фарпост).
У канцы XIII стагоддзя горад канчаткова ўвайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, а ў 1531 г. атрымаў Магдэбургскае права.
Яшчэ ў пачатку XV стагоддзя Слонім заставаўся значным ваенным умацаваннем. Не выпадкова Слонімская харугва (полк) брала ўдзел у Грунвальдскай бітве, вынікам якой стаў разгром крыжакоў.
У XV-XVI стагоддзях горад як староства знаходзіўся ў карыстанні некалькіх буйных феадалаў, з 1586 года ім валодаў літоўскі канцлер Леў Сапега, пасля яго - падканцлер літоўскі Казімір Леў Сапега, магнаты Агінскія.
У 1591 годзе Зігмунд II Ваза даў Слоніму Герб: залаты леў з падвоеным срэбным крыжам на блакітным полі.
Росквіт Слоніма ў другой палове XVIII стагоддзя звязаны з дзейнасцю вялікага гетмана літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800).
У Слоніме ён пабудаваў некалькі прадпрыемстваў, па яго ініцыятыве і на яго сродкі быў пабудаваны канал (1763-1783), які злучыў прыток Прыпяці Ясельду са Шчарай, а ў межах горада выраўняў рукаў Шчары. З імем Агінскага звязана дзейнасць прыдворнага тэатра, створанага каля 1770 года. У ім працавалі прафесійныя італьянскія і польскія оперныя і драматычныя акцёры, мастакі, прыгонны хор і балет. Шырокай вядомасцю карыстаўся Слонімскі аркестр (капэла) - адзін з самых вялікіх прыдворных аркестраў Еўропы таго часу як па колькасці выканаўцаў (53 чалавекі), так і па наяўнасці музычных інструментаў.
У 1795 годзе Слонім увайшоў у склад Расіі, пасля чаго на працягу года быў губернскім горадам. З 1801 года Слонім - цэнтр павета Гродзенскай губерніі.
У 1880 годзе праз Слонім прайшла дарога Баранавічы - Варшава, а ў 1886 году - лінія чыгункі Баранавічы-Беласток, пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя.
Вялікую ролю ў развіцці прамысловасці горада ў XIX-пачатку XX стагоддзя адыгралі буйныя землекарыстальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе Альбярцін адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку.
У першай палове 1915 года Слонім стаў прыфрантавым горадам, а 14 студзеня 1919 года быў вызвалены Чырвонай Арміяй ад кайзераўскіх войскаў.
Па мірным дагаворы, падпісаным у Рызе 18 сакавіка 1921 года, Слонім разам з іншымі гарадамі і раёнамі Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы. Але ўжо 18 верасня 1939 года сустракаў байцоў Чырвонай Арміі.
Грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны сталі самым суровым выпрабаваннем для сланімчан. Слонімшчына панесла велізарныя страты - 44 418 сланімчан загінулі ў гады ваеннага ліхалецця, прах 5 223 воінаў і 108 партызан спачывае на слонімскай зямлі. На Пятралівецкай гары было расстраляна больш за 10 тысяч чалавек, на Чапялёўскіх палях - 30 тысяч, ва ўрочышчы Маргі - 2 тысячы. 10 ліпеня 1944 г. савецкія войскі вызвалілі горад ад гітлераўскіх захопнікаў.
Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і творчаму патэнцыялу жыхароў раёна, Слонім сёння мае абноўленае, сучаснае аблічча.