Галоўная / Аб раёне / Выдатныя мясціны

Выдатныя мясціны

Слонім (Услон, Вслонім) згадваецца ў Іпацьеўскім летапісы пад 1252 г., аднак пасяленне было заснавана на два стагоддзі раней, аб чым сведчыць замчышча, якое знаходзіцца ў цэнтры сучаснага горада. Гістарычны цэнтр размешчаны на левым беразе Шчары. У ХVII ст. тут стаяў драўляны замак старасты горада канцлера Льва Сапегі, а пазней на гэтым месцы вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі пабудаваў цудоўны палац з тэатрам, друкарняй, манежам, аранжарэяй, гаспадарчымі пабудовамі, сажалкай і садам. На жаль, захавалася толькі аўстэрыя (заезны дом, 2-я палова ХVIIІ ст.).
На былой Рынкавай плошчы, а цяпер вуліцы Першамайскай, стаіць манастыр бернардынак (сярэдзіна ХVII - 2-я палова ХVIIІ ст.) з касцёлам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (1690). Непадалёк знаходзяцца сінагога (1642) і ратуша (сярэдзіна ХVIIІ ст.), у якой размяшчаецца Слонімская цэнтральная раённая бібліятэка. У цэнтры горада можна ўбачыць касцёл ХХ ст., манастыры бэрнардынак (сярэдзіна ХVII - 2-я палова ХVIIІ ст.) і бэрнардынцаў (ХVII ст.), тры дамы рамеснікаў (2-я палова ХVIIІ ст.), на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Пушкіна - капліцу святога Дамініка ( 1745).
На правабярэжную частку горада вядзе вуліца Савецкая праз канал, пабудаваны Міхалам Казімірам Агінскім у 1767-1783 гг. (ён злучае Ясельду са Шчарай і мае даўжыню каля 50 км). Галоўнае гістарычнае месца ў гэтай частцы горада - плошча Сапегі, дзе стаяць будынкі касцёла святога Андрэя (1775) і бальніцы (ХVIIІ ст.). У межы сучаснага горада ўвайшоў былы загарадны маёнтак графаў Пуслоўскіх "Альбярцін" (1-я палова ХIХ ст.). У добрым стане захаваўся гэты двухпавярховы сядзібны дом, а таксама флігель, стайня, пейзажны парк, возера - зона адпачынку гараджан.
Помнікамі ХХ ст. з'яўляюцца будынак вакзала і воданапорная вежа (1922), банк у стылі мадэрн (1905 г.), жылыя цагляныя дамы на плошчы Леніна 1, 5, 6, гарадскі асабняк канца ХІХ - пачатку ХХ ст. па вуліцы Маякоўскага, 9, пошта, жылы дом па вуліцы Янкі Купалы, 5.
Праз 7 кіламетраў ад Слоніма, па дарозе на Быцень, знаходзіцца Свята-Успенскі мужчынскі Жыровіцкі манастыр. Паводле падання на месцы драўлянай царквы, пабудаванай у 1-й палове ХVII ст., двойчы з'яўляўся абраз Маці Божай. Калі царква згарэла, абраз знік і быў знойдзены на бліжэйшым пагорку, дзе і адбудавалі мураваную царкву, якая атрымала багатыя ахвяраванні ад канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Побач з храмам быў заснаваны ўніяцкі манастыр, настаяцелем якога стаў Язафат Кунцэвіч.
З сярэдзіны ХVII в. манастыр - месца паломніцтва польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх Уладзіслава IV, Яна Казіміра, Яна III, Аўгуста II, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, магнатаў і простых людзей. Галоўны храм манастыра - Свята-Успенскі сабор са знакамітым  абразам Маці Божай Жыровіцкай; да яго далучаюцца царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы і царква Раства Іаана Прадцечы, побач званіца. Далей яшчэ дзве не менш вядомыя цэрквы - Свята-Крыжаўзвіжанская і Свята-Богаяўленская. У комплекс уваходзяць таксама дзеючая семінарыя (ХVII-ХVIIІ ст.) і жылы корпус, злучаныя з Свята-Успенскім саборам, гаспадарчыя пабудовы. За межамі манастырскага двара, на могілках, знаходзіцца драўляная Свята-Георгіеўская царква (канец ХVIIІ ст.).
З храмавай архітэктуры раёна вылучаюцца яшчэ касцёл у аг. Сялявічы (2-я палова ХІХ - пачатак ХХ ст.) і цэрквы ў вёсках Вострава, Вялікія Шылавічы, Дзераўная (абедзве 2-й паловы ХІХ ст.), Міжэвічы (ХІХ ст.). Тыя, хто цікавіцца археалагічнымі помнікамі могуць азнаёміцца з селішчамі (іх больш за 30), напрыклад, у вёсках Азгінавічы, Асабнякі, Баравікі, Забулле, Залессе, Міжэвічы, Парэчча, Рахавічы. Ёсць каля 10 гарадзішчаў, напрыклад, каля вёсак Вялікія Шылавічы, Лапухова, Ніз, Талькаўшчына, Дзераўная. Курганныя пахаванні знаходзяцца каля вёсак Бярдовічы, Нагуевічы, Ягнешчычы, пахаванні з каменнымі магіламі - каля вёсак Клепачы, Рудаўка. Стаянкі першабытных людзей на Слонімшчыне зафіксаваныя каля вёсак Вялікія Шылавічы, Ніз, Талькаўшчына, Русакова.
З знакамітых месцаў Слонімскага раёна трэба абавязкова назваць Парэчча, дзе нарадзіўся вядомы ўдзельнік лістападаўскага паўстання 1830-1831 гг.,  член экспедыцыі Юзэфа Заліўскага на Беларусі Міхаіл Валовіч. З вёскай Рудаўка звязана дзяцінства беларускага паэта і літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая. У Слоніме ён вучыўся ў польскай настаўніцкай семінарыі. На вуліцы Чырвонаармейская, 73 калісьці стаяў дом, дзе жыў беларускі паэт Гальяш Леўчык.